Па-простаму пра надзённае

У аўторак, 18 кастрычніка 2016 г., студэнты спецыяльнасці “Выдавецкая справа” мелі магчымасць “з першых вуснаў” даведацца, як сёння выпускаюцца перакладныя кнігі па-беларуску ў прыватных выдавецтвах: на кафедру рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій завіталі незвычайныя госці.

Ганна Янкута — перакладчыца, рэдактарка, літаратурны крытык — і Ігар Крэбс — перакладчык з нямецкай мовы — распавялі пра сваю творчую дзейнасць, якая рэалізуецца ў выпуску электроннага часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” і яго серыі выданняў “PostScriptum” (а з нядаўняга часу — таксама серыі электронных выданняў “Калекцыя “ПрайдзіСвет””).

Ганна Янкута прыязна і даступна расказала, як вядзецца праца над часопісам і з якімі цяжкасцямі прыходзіцца сутыкацца пры выданні беларускіх перакладаў, з дапамогай прынесеных з сабою кніг праілюстравала асобныя моманты. Ігар Крэбс дапоўніў Ганну, распавёўшы пра краўдфандынгавую кампанію для выдання зборніка апавяданняў пра Шэрлака Холмса, і падзяліўся асаблівасцямі працы над творамі В. Гаўфа.

Студэнты з цікавасцю слухалі выступоўцаў, разглядалі прапанаваныя кнігі. Пасля выступлення студэнткі задалі слушныя пытанні пра асаблівасці працы над перакладамі і ўласна выданнямі, на якія Ганна Янкута з задаваленнем адказала.

Пасля сустрэчы і студэнты, і госці кафедры выходзілі з аўдыторыі натхнёнымі.

Я. Лабоха