Апошнія дні зімы і пачатак вясны былі для кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогійнадзвычай клопатнымі і плённымі. Па-першае, мы размеркавалі і ўручылі дыпломы 100 выпускнікам, якія закончылі факультэт прынттэхналогій і медыякамунікацый па спецыяльнасці “Выдавецкая справа”, у тым ліку і факультэт завочнага навучання.
Па-другое, 3 і 4 сакавіка 2017 г. загадчык кафедры Уладзімір Куліковіч, разам з прадстаўнікамі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па запрашэнні адміністрацыі беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны г. Вільні наведаў літоўскую сталіцу, дзе прыняў удзел у семінары “Сучасныя падыходы да вывучэння культурнай спадчыны беларускага народа: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”.
Падчас візіту ў гімназію Уладзімір Іванавіч правёў прэзентацыю сваіх новых кніг, а таксама майстар-клас для настаўнікаў і вучняў па падрыхтоўцы да Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па беларускай мове і літаратуры, у якой возьмуць удзел і літоўскія школьнікі.
Уладзімір Іванавіч пазнаёміў выпускнікоў гімназіі з практыка-арыентаванымі падыходамі ў навучанні, што прымяняюцца ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным ўніверсітэце, распавёў пра спецыяльнасці і спецыялізацыі нашай установы. У вучняў была добрая магчымасць з першых вуснаў даведацца пра наш універсітэт, каб у далейшым прыняць рашэнне для паступлення менавіта да нас. Справа ў тым, што кожны год беларускай дзяржавай вылучаецца квота літоўскім беларусам для вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Магчыма, хтосьці з іх у наступным годзе і стане студэнтам БДТУ.
Акрамя гэтага загадчык кафедры сустрэўся з кіраўнікамі Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы і выдаўцамі беларускай газеты ў Вільні пад назвай “Рунь”, прыняў удзел у мерапрыемстве “Свята хлеба”, якое ладзілі ў Віленскім Доме нацыянальных суполак прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў Літвы — беларусы, рускія, украінцы, татары, казахі, кіргізы, малдаване і нават нанайцы.
Вынікам плённага візіту стала ўзгадненне тэксту дамовы аб супрацоўніцтве паміж БДТУ і Віленскай беларускай гімназіяй імя Францішка Скарыны, якая з’яўляецца цэнтрам культурнага жыцця беларусаў у Літве.


Уладзімір Куліковіч уручае дырэктару гімназіі Дзіяне Стахновіч падарунак ад выдавецтва “Аверсэв”