Мюнхгаўзэн як ён ёсць і паэты планеты

Мюнхгаўзэн як ён ёсць і паэты планеты: на кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій прайшла прэзентацыя новых беларускіх перакладаў сусветнай класікі

У панядзелак, 17 красавіка 2017 г., на кафедру РВТ завіталі Ганна Янкута (перакладчыца, рэдактарка, літаратурны крытык) і Ігар Крэбс (перакладчык), каб апавесці пра новыя перакладныя кнігі, якія апошнім часам выходзілі ў беларускіх выдавецтвах, а таксама паразважаць пра выклікі ў сферы сучаснага беларускага кнігавыдання. Студэнты першага і другога курсаў разам з выкладчыкамі кафедры атрымалі магчымасць паслухаць, як гучаць па-беларуску Эдгар По і Генрых Гайнэ, зборнікі якіх выйшлі ў новай серыі “Паэты планеты” (выдавец Зміцер Колас), даведацца пра асаблівасці “творчых метадаў” класікаў.

Ігар Крэбс падзяліўся вынікамі своеасаблівага даследавання, якое яму давялося правесці цягам перакладу на беларускую мову з нямецкай “Прыгод барона Мюнхгаўзэна” (выдавецтва “Кнігазбор”) — кніга ўпершыню выйшла ў Беларусі ў прамым перакладзе, а не праз рускую. Аўдыторыя мела магчымасць на ўласныя вочы ўбачыць на слайдах прэзентацыі, якія метамарфозы праходзіла кніга ад часу свайго першага выдання ў ХVII ст. у Лондане да першага прамога беларускага перакладу.

Напрыканцы прэзентацыі адбылася невялікая дыскусія, тэмай якой сталася сітуацыя ў сучасным беларускім кнігавыданні, прынамсі мастацкім. Загадчык кафедры У. Куліковіч, прафесар Л. Пятрова і выступоўца Г. Янкутападзяліліся меркаваннямі наконт таго, што перашкаджае беларускім выдаўцам трымацца на ўзроўні канкурэнтаў з суседніх краін.

Я. Лабоха