Рэдактар — прафесія творчая, або Нашы ў Польшчы

Амаль увесь ліпень выпускніца гэтага года спецыяльнасці “выдавецкая справа” і магістрантка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Ксенія ТАРАСЕВІЧ пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску атрымала цудоўную магчымасць удасканаліць свае веды па рэдагаванні польскамоўнай літаратуры ў летняй школе польскай мовы і культуры Polonicum, арганізаванай Інстытутам польскай філалогіі Прыродазнаўча-гуманітарнага ўніверсітэта ў г. Седльце.

Праграма курса закранае шырокі абшар ведаў лінгвістычных, літаратуразнаўчых і культуралагічных. З панядзелка па пятніцу навучэнцы — прадстаўнікі больш за 15 краін свету (сярод іх ёсць нават Бразілія і Тайвань) — маюць заняткі ад 10-й раніцы да 16-й вечара, дзе не толькі адкрываюць невядомыя старонкі польскай граматыкі і новыя слоўцы жывой гаворкі, але і трэніруюць дыкцыю ў часе канверсацыйных практыкаванняў і рэдактарскую інтуіцыю на занятках па стылістыцы. У выхадныя дні знаёмства з Польшчай працягваецца на экскурсіях: ужо адбыліся выезды да Варшавы і Любліна.

У мерапрыемствах актыўна прымаюць удзел студэнты самога Прыродазнаўча-гуманітарнага ўніверсітэта, што спрыяе наладжванню навуковых кантактаў з польскімі маладымі спецыялістамі. Пашырэнню абшараў супрацоўніцтва спрыяе таксама сама спецыяльнасць Ксеніі, бо рэдактар-тэхнолаг заўжды будзе сваім у коле філолагаў, выдаўцоў, дызайнераў, маркетолагаў і нават праграмістаў.

Заг. кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій
Уладзімір Куліковіч