З кніжнай скарбніцы

17 кастрычніка будучыя выдаўцы, а на дадзены момант студэнты 3-га курса спецыяльнасці «Выдавецкая справа», наведалі прымеркаваную да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання выставу, якая была прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Яе афіцыйная назва: «З кніжнай скарбніцы. Выданні друкарняў Беларусі XVI — першай паловы XIX стагоддзя ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».

На выставе прадстаўлена дзесяць выданняў беларускіх друкарняў з калекцыі музея, якія ўключаюць 192 адзінкі захоўвання. Большасць кніг калекцыі богаслужэбнага і рэлігійна-маральнага зместу. Сярод іх праваслаўныя і ўніяцкія выданні, кнігі, прызначаныя для старавераў.

Найбольш раннім экспанатам з’яўляецца Евангелле 1600 г. з найбуйнейшага цэнтра беларускага кнігадрукавання апошняй чвэрці XVI — першых дзесяцігоддзяў XVII стагоддзя — друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. 

Яго «вярнуў да жыцця» майстар-рэстаўратар Андрэй Крапіўка. Працэс рэстаўрацыі адлюстраваны ў прадстаўленых на выставе фотаматэрыялах. 

На выставе можна было ўбачыць і вокладку Евангелля XIX стагоддзя. Менавіта ў ёй трапіла Евангелле 1600 г. ў мастацкі музей (металічнымі накладкамі кнігі не афармлялі да XIX стагоддзя). Евангелле было пераплецена ў 1942 г., і пераплётчык прыстасаваў іншую вокладку. Разам з вокладкай экспануецца і старонка з запісам аб тым, што працу выканаў Зямчонак Ягор Пракопавіч ў вёсцы Поснуды на Браслаўшчыне. Гэты ліст быў укладзены ў Евангелле. 

Даволі рэдкім з’яўляецца экспануемае на выставе выданне «Акафісты ўсесядмічныя». Яно надрукавана ў 1698 г. Максімам Вашчанкам у магілёўскай Брацкай друкарні, са станаў якой у канцы XVII — сярэдзіне XVIII стагоддзя выйшла больш за 40 выданняў. Вобразна-пластычнае рашэнне звыш дзясятка ксілаграфій гэтай кнігі яскрава адлюстроўвае асаблівасці магілёўскай школы гравюры. 

Прадукцыю вядомай друкарні Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага Троіцкага манастыра — на другім этапе яе дзейнасці (з 1760 па 1839 г.) прадстаўляе прызначаны для старавераў Канонік 1794 г. У афармленні музейнага экзэмпляра прасочваецца выкарыстанне традыцыйных графічных элементаў маскоўскіх даніканаўскіх кніг. 

Выдавецкую дзейнасць друкарні, якая на працягу 1692/93–1803 гг. дзейнічала ў Супрасльскім манастыры, прадстаўляе Evangelia in festis (Евангелле на святы), надрукаванае на лацінскай мове ў 1765 г.

На выставе экспануецца таксама адно з выданняў друкарні полацкіх піяраў — Missale Romanum (каталіцкая кніга для набажэнстваў) 1825 года. 

Прадукцыю віленскай дыяцэзіяльнай друкарні, якая функцыянавала ў 1775–1842 гг., прадстаўляе «Сакральная герменеўтыка» (1830 г.) у двух тамах. 

Усе экспанаты дазваляюць дакрануцца да мінулага і нашай спадчыны. Кніга — гэта цэлая гісторыя, не толькі з-за яе зместу, але і жыццёвага шляху, які яна прайшла перад тым, як трапіць да нас. 

Але сама выстава крыху расчаравала: для такой вялікай падзеі як 500-годдзе беларускага кнігадрукаванная, экспазіцыя з дзесяццю экспанатамі — гэта неяк зусім сціпла і неадпавядальна значнасці падзеі. Маем надзею, што ў будучыні мастацкі музей зробіць вялікую разгорнутую выставу, дзе будзе прадстаўлена яшчэ больш цікавых і неверагодна прыгожых кніг.

Матэрыял падрыхтавала Моргун Паліна
Фотаздымкі: Моргун Паліна і Капусціна Ксенія