Каб пашырыць эрудыцыю студэнта. Візіт у БДТУ доктара філалагічных навук Міколы Нікалаева (Санкт-Пецярбург)

З мэтай рэалізацыі задач падпраграмы «Развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі» Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016–2020 гг., зацверджанай Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №250 ад 28.03.2016 г., загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Уладзімір Куліковіч пры падтрымцы міжнароднага аддзела ўніверсітэта запрасіў прачытаць курс лекцый для студэнтаў факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый сусветна вядомага спецыяліста доктара філалагічных навук Мікалая Віктаравіча Нікалаева.

Мікалай Віктаравіч з’яўляецца загадчыкам аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (Расія, Санкт-Пецярбург), адным з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, аўтарам і рэдактарам абодвух тамоў першай грунтоўнай манаграфіі «Гісторыя Беларускай кнігі», манаграфіі «Беларускі Пецярбуг», членам Вучонага савета Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Цыкл лекцый па кніжнай культуры, падрыхтаваны ім спецыяльна для студэнтаў факультэта ПіМ, меў на мэце паглыбіць профільныя веды будучых работнікаў у сферы выдавецкай справы, пры тым дасягнуць наступныя задачы:
1. Пазнаёміць студэнтаў з тэрміналогіяй і крыніцазнаўствам кніжнай культуры Беларусі, асноўнымі этапамі развіцця кніжнай справы ў Еўропе да з’яўлення друкарскага варштата, паказаць месца і ролю беларускай рукапіснай кніжнасці ў працэсах назапашвання тэхналагічных дасягненняў і рэпертуару.
2. Даць уяўленне аб асаблівасцях прадукцыі друкарняў ручнога прэса: рэпертуар кніг, тэхналогія вытворчасці, спосабы распаўсюджвання.
3. Раскрыць асаблівасці беларускай друкаванай кнігі і выдавецкай практыкі ў ХІХ і ХХ стагоддзях.
4. Давесці да навучэнцаў акалічнасці сучаснай кнігавыдавецкай справы: рэдагаванне рукапісаў, падбор і выкананне ілюстрацый, падрыхтоўка выданняў у электроннай форме.
5. Даць практычныя арыенціры будучым выдаўцам у працы  аўтарамі (выключнасць, важнасць, унікальнасць кнігі), падказаць, дзе і як шукаць ілюстратыўны матэрыял для тэматычных выданняў, расказаць пра асаблівасці сённяшняй выдавецкай дзейнасці з пункту гледжання супрацоўніка Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.

Лекцыі суправаджаліся фота-прэзентацыямі асобных выданняў і выдавецкіх серый (са збораў РНБ у Санкт-Пецярбургу).

Падчас апошніх лекцый 21 верасня 2018 г. Мікалай Віктаравіч падараваў бібліятэцы БДТУ і кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій свае манаграфічныя працы, а таксама сканаваныя матэрыялы з рэдкіх фондаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, якія плануецца выкарыстоўваць у вучэбным працэсе пры падрыхтоўцы будучых рэдактараў-тэхнолагаў, выдаўцоў, паліграфістаў.

Акрамя гэтага, дасягнута дамоўленасць адносна працы і стажыровак выкладчыкаў, студэнтаў і магістрантаў кафедры РВТ у фондах РНБ Санкт-Пецярбурга.