Супрацоўніцтва кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій з Палацам дзяцей і моладзі ў Мінску

Кафедра рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій нашага ўніверсітэта мае цесныя творчыя стасункі не толькі з выдавецтвамі, медыяхолдынгамі, тыпаграфіямі, але ў іншымі ўстановамі адукацыі. Адной з такіх устаноў з’яўляецца Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Менавіта там 20 і 21 студзеня 2019 года аддзелам інтэлектуальнай творчасці ў рамках ХХХVIII гарадской канферэнцыі навучэнцаў быў арганізаваны конкурс даследчых работ. 

Для правядзення  конкурсу і ацэнкі вучнёўскіх работ мінчан у секцыі «Лінгвістыка» (па вучэбным прадмеце «Беларуская мова») быў запрошаны вядомы ў рэспубліцы даследчык, метадыст, навуковец Уладзімір Куліковіч — загадчык кафедры РВТ. 

— Удзел у такім мерапрыемстве Уладзіміра Іванавіча — вялікі гонар для нас! — з захапленнем расказалі нашым карэспандэнтам арганізатары конкурсу. — Гэта не першая наша сумесная праца. Прысутнасць такой асобы — гэта гарант аб’ектыўнасці і высокага прафесіяналізму, паказчык увагі і павагі з боку навукоўцаў тэхналагічнага ўніверсітэта да агульнаадукацыйных устаноў.

Сам жа загадчык кафедры патлумачыў, што з цікавасцю і захапленнем (пры наяўнасці вольнай хвіліны) прымае удзел у падобных імпрэзах, паколькі яны дазваляюць адчуць рытм жыцця сучаснай школы, узровень патэнцыйных абітурыентаў, падтрымліваюць творчы запал і натхненне.
 
 
Кацярына Шчыгельская
На фота. Імгненні конкурсу