У дыстанцыйным фармаце

У сувязі са складанай эпідыміялагічнай сітуацыяй выкладчыкі і студэнты факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый БДТУ актыўна асвойваюць магчымасці дыстанцыйнага навучання. Адной са спроб арганізацыі адукацыйнага анлайн-узаемадзеяння сталі дыскусія “Шляхі ўдасканалення сучасных вучэбных выданняў” і круглы стол “Папулярызацыя чытання сучасных і класічных твораў: дыстанцыйны фармат”. Мерапрыемствы адбываліся ў перыяд з 16 па 20 лістапада 2020 года на кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій, удзел у іх прынялі студэнты 3 курса спецыяльнасці “Выдавецкая справа”. Мадэратарам выступіў ст. выкладчык кафедры РВТ, кандыдат філалагічных навук А. А. Акушэвіч.

Падчас дыскусіі былі акрэслены асноўныя характарыстыкі сучасных вучэбных выданняў, прапанаваны шляхі ўдасканалення кніг для навучання, прызначаных рознай мэтавай аўдыторыі. Асаблівая ўвага ў размове надавалася вучэбным дапаможнікам па літаратуры. Агучаныя думкі могуць стаць асновай будучых навуковых даследаванняў.

Круглы стол выявіў праблемы, якія апошнім часам паўсталі перад папулярызатарамі кніг. Студэнты абмеркавалі, як можна стымуляваць чытанне з дапамогай актуальных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Пры гэтым асобна разглядаліся падыходы да работы з рознымі катэгорыямі чытачоў: улічваліся іх узрост, адукацыя, зацікаўленні. Разам з тым, былі выказаны цікавыя ідэі наконт стратэгіі папулярызацыі літаратуры ў сценах БДТУ.

Праведзеныя мерапрыемствы паказалі, што дыстанцыйны фармат зносін перспектыўны, але мае свае асаблівасці, якія нельга не ўлічваць.