Міжнародны дзень роднай мовы ў БДТУ

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сумная гісторыя ў гэтай даты. У 1952 годзе ў Бангладэш (былы ўсходні Пакістан) прымусова была ўведзена мова урду замест мовы бангла. Гэта выклікала пратэст насельніцтва. Падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай і адстойвалі права навучацца на роднай мове, былі застрэлены паліцыяй. Адбылося гэта 21 лютага. Тыя пяць хлопцаў, што загінулі за сваю мову, сталі нацыянальнымі героямі і пакутнікамі. Цяпер мове бангла знікненне не пагражае.
У 2000 годзе ЮНЕСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палова з 6 тысяч моў свету сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення. ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, садзейнічае абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету, заахвочвае захаванне моўнай разнастайнасці, існаванне шматмоўнай адукацыі.

Я ведаю:
Нядобрых моў няма,
У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла,
Якая песняроў ускаласіла
І мудра зберагла,
Каб не скасіла
Іх не хлусня,
Ні слава,
Ні турма.
Я слаўлю мову,
Што яднання дар
Дала і акадэміку, і цеслю.
І ў думках нават я не перакрэслю
Чужую споведзь і чужую песню,
Якія зразумець мне лёс не даў.
Як самая дакладная з навук,
Нам мова праз стагоддзі захавала
Пах палыну,
І тонкі звон метала,
Арліны клёкат,
Гулкі гул абвала –
Усё, што пераліта ў кожны гук.
І правіла прыдумалі не мы,
Што там,
Дзе не шануюць роднай мовы,
Мялеюць рэкі,
Нішчацца дубровы,
Каля магілак пасвяцца каровы,
Народ там мёртвы,
А той край – нямы.
Быць у пустэльні не жадаю я.
І не хачу я мець сяброў бязмоўных,
Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных,
Малення поўных
І здзіўлення поўных,
Усіх пявучых
І ўсіх − галоўных.
І толькі так −
Як роўная між роўных −
Жыць можа мова родная мая.

Генадзь Бураўкін

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, 21 лютага прайшлі ў БДТУ. Кафедра беларускай філалогіі ў навуковай зале бібліятэкі БДТУ арганізавала заняткі, на якіх студэнты факультэтаў ПіМ і ІТ расказалі пра гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы, звярнуліся да найбольш цікавых фактаў існавання розных моў свету, а таксама прачыталі цудоўныя беларускія вершы пра родную мову.

Кафедра беларускай філалогіі і дэканат факультэта ПіМ выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных мерапрыемстваў.