Пра Буквар, вандроўкі і новыя праекты для факультэта ПіМ

14 сакавіка адбылася творчая сустрэча вядомага даследчыка беларускай культуры, кнігазнаўцы, кандыдата культуралогіі, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, “чалавека года” ў сферы культуры (2018), дырэктара па навуковай рабоце, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся СУШЫ са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый (ПіМ).

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі дэканат факультэта ПіМ (Т. Далгова) і кафедра рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій (У. Куліковіч, аспірант А. Канановіч).

Падчас сустрэчы Алесь Аляксандравіч пазнаёміў прысутных з вынікамі сваіх апошніх даследаванняў на тэму “Буквар як культурны брэнд Беларусі”, падзяліўся ўражаннямі ад навуковых росшукаў у бібліятэках Англіі (бібліятэка “Мідл Тэмпл”), Даніі (Каралеўская бібліятэка), Расіі, Украіны, Польшчы.

Сапраўдным адкрыццём для прысутных былі аргументаваныя тэзісы навукоўцы адносна таго, што менавіта беларусы падаравалі ўсяму свету такую кнігу, як Буквар, якая ўпершыню пабачыла свет у 1618 годзе.

Пасля адказу на пытанні прысутных даследчык пазнаёміў кіраўніцтва факультэта, кафедры РВТ і бібліятэкі БДТУ з новымі праектамі Нацыянальнай кніжніцы і запрасіў да супрацоўніцтва зацікаўленых выкладчыкаў, студэнтаў, бібліёграфаў.

Пасля лекцыі аўтар кніг, якія знаходзяцца ў фондах бібліятэкі ўніверсітэта, напісаў уласнай рукою свае пажаданні для чытачоў. Таму выданні вокамгненна набылі эксклюзіўнасць. А гэта і ёсць чарговая нагода ганарыцца сваім універсітэтам.

Падрыхтаваў Аляксандр Канановіч, аспірант кафедры РВТ.