Студэнты 1-га і 3-га курсаў факультэта ПіМ спецыяльнасці “Выдавецкая справа” 16 сакавіка 2023 г. сталі слухачамі незвычайнай лекцыі вядомага не толькі ў Беларусі паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка, мовазнаўцы, рэдактара Міхася ПАЗНЯКОВА.
Слынны госць – аўтар больш за 100 кніг, лаўрэат шматлікіх прэмій – распавёў пра спецыфіку працы з рознымі аўтарамі (ад паэта-пачаткоўца, да акадэміка), пра тое, якімі павінны быць творы для дзяцей, на што трэба звяртаць увагу студэнтам падчас навучання на факультэце прынттэхналогій і медыякамунікацый (ПіМ).
Асобна Міхась Паўлавіч спыніўся на стварэнні, рэпертуары выданняў, адметнасцях працы дзяржаўнага выдавецтва “Юнацтва”, якое доўгі час узначальваў – з 1984 па 2000 гады, прачытаў колькі вершаў і пазнаёміў прысутных з шэрагам аўтарскіх загадак.
Арганізатарам сустрэчы выступіла кафедра рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій (РВТ).
У фінале мерапрыемства Міхась ПАЗНЯКОЎ падзякаваў супрацоўнікам кафедры і яе загадчыку Уладзіміру КУЛІКОВІЧУ за якасную падрыхтоўку студэнтаў, якія ўжо каля 10 год актыўна супрацоўнічаюць з Мiнскім гарадскім аддзяленнем грамадскага аб’яднання «Саюз пiсьменнiкаў Беларусi» і пасля размеркавання працуюць там.
Падрыхтавала Зылевіч Д. П., дацэнт кафедры РВТ