Выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта кандыдаты філалагічных навук Кірдун А. А. і Русак В. У. прынялі ўдзел ва ўкладанні акадэмічнага нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы», які выйшаў у выдавецтве «Беларуская навука» .
Як паведамляе Нацыянальная кніжная палата Беларусі, «Слоўнік беларускай мовы» 2024 года падрыхтаваны з улікам тых змяненняў, што адбыліся ў моўнай практыцы за апошнія два дзесяцігоддзі. Рэестр слоўніка ўключае каля 150 тысяч лексічных адзінак, што на 32 тысячы больш, чым у слоўніку 1987 года.
У «Слоўніку беларускай мовы» 2024 года падаецца інфармацыя не толькі пра нарматыўнае напісанне слоў, але і пра месца націску, формы скланення і спражэння. Выданне разлічана на мовазнаўцаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.
Папярэдняя рэдакцыя слоўніка датуецца 2012 годам. Гэта было папраўленае і дапоўненае выданне «Слоўніка беларускай мовы» 1987 года пад рэдакцыяй акадэміка М. В. Бірылы, ажыццёўленае ў сувязі з увядзеннем з 1 верасня 2010 года новых «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».