Інтэрв’ю з загадчыкам кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій

НАШ ВЫПУСКНІК ПАВІНЕН ПРЫЙСЦІ НА ПРАДПРЫЕМСТВА І АДРАЗУ ПРАЦАВАЦЬ…

 

Так вызначыў мэту навучання на факультэце прынттэхналогій і медыякамунікацый Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій, наш зямляк, выпускнік Дакурнішскай СШ (1984 г.) Уладзімір Іванавіч КУЛІКОВІЧ.

З ім на ст. Ашмяны, дзе любіць праводзіць свой вольны час навуковец, сустрэўся наш па-за штатны аўтар Э. Сяргей і напярэдні Дня друку задаў некалькі пытанняў.

— Уладзімір Іванавіч, у чым адметнасць вашага факультэта?

Да нядаўняга часу наш факультэт называўся выдавецкай справы і паліграфіі (ВСіП). Аднак з красавіка гэтага года ў сувязі з запланаваным пашырэннем спецыялізацый і напрамкаў, а таксама структурнымі зменамі прынята рашэнне змяніць назву. Цяпер мы факультэт прынттэхналогій і медыякамунікацый (ПіМ). Гэта адзіны факультэт у Беларусі, дзе вядзецца падрыхтоўка па трох асноўных узаемазвязаных спецыяльнасцях для рэдакцыйна-выдавецкага комплексу: паліграфічнае абсталяванне і сістэмы апрацоўкі інфармацыі, тэхналогія паліграфічных вытворчасцей і выдавецкая справа.

— Уладзімір Іванавіч, якія навуковыя і практычныя напрамкі вывучаюцца і даследуюцца на вашай кафедры?

Найбольш актыўна выкладчыкі і студэнты працуюць сёння над пытаннямі сучасных інфармацыйных тэхналогій у кніжнай справе, даследуюць праблемы інфармацыйнай культуры, псіхалагічныя аспекты камп’ютарызацыі, удасканалення рэдакцыйна-выдавецкіх працэсаў. Унікальнасць гэтых сфер у тым, што яны спалучаюць і тэхнічную, і філалагічную падрыхтоўку будучага спецыяліста. Таму абсягі прымянення сваіх навыкаў у будучых рэдактараў-тэхнолагаў (менавіта такая спецыяльнасць будзе запісана ў дыпломе) надзвычай шырокія: ад карэктара, вярстальніка, рэдактара выдавецкай арганізацыі або ўстановы, дзе маюцца сайты і ствараецца інфармацыя, да арганізатараў рэкламных, дызайнерскіх фірм. Наша самая актуальная задача, каб выпускнік кафедры прыйшоў на прадпрыемства і адразу ўключыўся ў вытворчы працэс. І прыемна адзначыць: па водгуках нашых працадаўцаў, большасць маладых спецыялістаў з дыпломам БДТУ такімі выпускнікамі з’яўляюцца.

— З якімі ўстановамі і арганізацыямі супрацоўнічаеце?

У межах рэспублікі Беларусь нашымі партнёрамі з’яўляюцца ўсе арганізацыі, якія ствараюць і распаўсюджваюць інфармацыю, у тым ліку і рэкламную: рэдакцыі газет, тэле- і радыёканалаў, выдавецтвы ўсіх формаў уласнасці. За межамі краіны творчыя кантакты актыўна развіваюцца з Літвой, Кітаем, Грэцыяй, Украінай, Расіяй, Польшчай, Латвіяй. Я назваў толькі тыя краіны, дзе нашы студэнты за апошні час праходзілі стажыроўку. Тэрмін якой доўжыўся аб аднаго тыдня да года.

— У чым сябе могуць праявіць студэнты вашага факультэта?

Калі гэта творчыя, мэтанакіраваныя, неабыякавыя да вучобы маладыя людзі, то літаральна за два гады навучання, яны могуць мець выдатныя поспехі ў навукова-даследчай, грамадскай, культурнай дзейнасці. Напрыклад, студэнтка 3 курса Тарасевіч Ксюша па выніках рэспубліканскага конкурсу навуковых прац студэнтаў УВА за 2015 г. стала лаўрэатам, апярэдзіўшы прадстаўнікоў БДУ, БНТУ і БДПУ. А на міжнародным конкурсе «Моладзь і паліграфія 2016», арганізаваным Львоўскай акадэміяй друкарства ўсе восем работ, дасланых з факультэта, былі адзначаны ганаровымі граматамі і дыпломамі.

Гутарыў Э. Сяргей