Міжнародны дзень роднай мовы ў БДТУ

Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, 19 лютага прайшлі ў БДТУ. Кафедра беларускай філалогіі і бібліятэка БДТУ арганізавалі выставу, на якой былі прадстаўлены творчыя работы беларускіх студэнтаў, а таксама беларускамоўныя кнігі айчынных і замежных аўтараў.

На выставе былі прадстаўлены работы, падрыхтаваныя студэнтамі факультэта ПіМ да конкурсу ілюстрацый “Па старонках любімых твораў”: студэнты выбралі любімыя паэтычныя і празаічныя творы беларускай літаратуры і падрыхтавалі аўтарскія малюнкі. Акрамя таго, студэнты намалявалі партрэты любімых пісьменнікаў і пісьменнікаў-юбіляраў.

Увагу наведвальнікаў прыцягнулі матэрыялы пад рубрыкай “Маё любімае беларускае слова” – ілюстрацыі да ўласнабеларускай лексікі.  

Да Міжнароднага дня роднай мовы студэнты факультэтаў ІЭФ і ТАР падрыхтавалі рукапісы тэрміналагічных слоўнікаў па сваіх спецыяльнасцях, тым самым далучыліся да вырашэння праблем нацыянальнай тэхнічнай тэрміналогіі. 

Не абыйшлося ў Дзень роднай мовы і без творчых падарункаў. Чальцы літаратурнага клуба БДТУ “Ветліца” пад кіраўніцвам Савіцкай Надзеі Яўсееўны прачыталі вершы беларускіх паэтаў, правялі конкурс языкаломак (скорагаворак). З паэтычнымі падарункамі выступілі і замежныя навучэнцы БДТУ, прачытаўшы вершы на сваіх родных мовах.

Кафедра беларускай філалогіі і дэканат факультэта ПіМ выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных мерапрыемстваў.