З любоўю да культурнай спадчыны: канферэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

Увесну жыццё віруе: таксама і ў кнігазнаўчай супольнасці. У канцы красавіка і пачатку траўня Нацыянальная бібліятэка Беларусі традыцыйна збірае прафесіяналаў культурнай сферы, каб у цёплым сяброўскім коле абмеркаваць актуальныя праблемы, падзяліцца напрацоўкамі, натхніцца ідэямі і выпрацаваць шляхі далейшага супрацоўніцтва.

22-23 красавіка адбылася адна з найважнейшых канферэнцый выдавецкай і бібліятэчнай галіны – XVII Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Форум сабраў больш за 80 удзельнікаў з васьмі краін блізкага і трошкі далейшага замежжа. Сярод пытанняў, прапанаваных для дыскусіі, – усе аспекты развіцця кніжнай культуры Беларусі ад старажытных рукапісаў да найноўшых электронных тэхналогій.

З дакладамі ў межах секцыйных паседжанняў выступілі і выкладчыкі кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій. Дацэнт Акушэвіч Андрэй Аляксандравіч прадставіў вобраз Францыска Скарыны ў творчасці Змітрака Бядулі. Дацэнт Зылевіч Дзіна Паўлаўна распавяла пра актуальны стан і праблемы працы краўдфандынгавых пляцовак і іх унёсак у развіццё сучаснай кніжнасці. А асістэнт Тарасевіч Ксенія Тарасаўна пазнаёміла грамадскасць з існуючымі ініцыятывамі па папулярызацыі беларускай кніжнай культуры ў сацыяльных сетках.

Фота: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Па выніках канферэнцыі нашы выкладчыкі атрымалі падзяку ад арганізатараў мерапрыемства.

4 мая Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі была арганізаваная IX Навукова-практычная канферэнцыя «Электронная культура«, сёлета адмыслова прысвечаная пытанням функцыявання культурных, навуковых і адукацыйных устаноў ва ўмовах пандэміі. Усяго ў межах мерапрыемства прагучала 26 дакладаў, у тым ліку і прэзентацыя асістэнта Тарасевіч Ксеніі Тарасаўны «Кніжныя stories (а можна і posts): спосабы пабудовы нарацыі ў сетцы Instagram».

Фота: Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Варта адзначыць, што выкарыстанне ўсіх даступных тэхнічных магчымасцяў дазволіла далучыцца да абмеркавання актуальных пытанняў больш шырокаму колу даследчыкаў, якія ў існуючых эпідэміялагічных умовах не маглі прыняць удзел у мерапрыемствах асабіста, а таксама дало зацікаўленай масавай аўдыторыі магчымасць таксама пазнаёміцца з матэрыяламі канферэнцый. Запісы анлайн-трансляцый сустрэч захаваліся на канале «Кніга Беларусі» ў YouTube і даступныя па спасылках: Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні;  Электронная культура.