Цікавостак пра выдавецкую справу мала не бывае! А шукаць іх найлепей у «палявых умовах». Таму ў чарговы раз студэнты 3 курса разам з Дзінай Паўлаўнай Зылевіч выправіліся на занятак у выдавецкі дом «Педагагічная прэса» – філіял кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій.
Занятак быў прысвечаны гісторыі і сучаснасці перыядычных выданняў для дзяцей, багатая калекцыя якіх акурат і знаходзіцца ў архівах «Педагагічнай прэсы». Між іншым, там прадстаўлены зборнікі «Першацвет», газеты «Раніца» і «Пераходны ўзрост», часопіс «Бярозка» – найстарэйшыя з іх паходзяць ажно з 40-х гадоў XX стагоддзя!
Цікава паназіраць, як змянялася кампазіцыйна-графічная мадэль выданняў, як развівалася паліграфічная прамысловасць, які дызайн быў у трэндзе ў розныя гады. Даведацца , якія тэмы, праблемы і вобразы былі актуальныя ў 50-я ці 80-я гады мінулага стагоддзя. Якія жанры пераважалі на старонках, як афармлялася выданне. Наогул, гісторыя перыядычнага выдання – гэта гісторыя цэлай эпохі!