«СЭЛФІ З ЧАСАМ»: вопыт арганізацыі творчага вечара пісьменніка

Па ініцыятыве загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Уладзіміра КУЛІКОВІЧА і дацэнта кафедры Дзіны ЗЫЛЕВІЧ студэнты 3-га курса спецыяльнасці «Выдавецкая справа» прынялі ўдзел у творчай вечарыне, прысвечанай юбілею заслужанага дзеяча культуры, вядомага беларускага паэта, празаіка, публіцыста і радыёвядучага Навума Гальпяровіча. Свята адбылося 9 лютага 2023 года у мінскім Доме літаратара.

Мэта ўдзелу – павіншаваць творчую асобу і пазнаёміцца з вопытам арганізацыі літаратурнай вечарыны паэта з прэзентацыяй яго выданняў.

Падчас імпрэзы гучалі вершы юбіляра ў выкананні выбітных беларускіх артыстаў Алега Вінярскага і Маргарыты Захарыя, песні на словы паэта ў выкананні заслужанага артыста Алега Сямёнава, Сяргея і Алы Кравец, Віктара Мяцельскага.

Свае віншаванні падрыхтавалі вядомая фалькларыстка з Гомеля Ірына Глушэц, супрацоўнікі Полацкага музея беларускага кнігадрукавання, калегі пісьменніка з канала «Культура» Беларускага радыё, а таксама і наша калега з Манголіі Энхбат Мунхцэцэг, якая чытала лекцыі на факультэце ПіМ. Разам з Уладзімірам Куліковічам яны здзейснілі пераклад верша Навума Гальпяровіча на мангольскую мову, які быў зачытаны па-мангольску ў відэавіншаванні.

У студэнтаў факультэта, якія пажадалі, была магчымасць сфатаграфавацца з пісьменнікам і атрымаць аўтограф.

Падобныя мерапрыемствы, на думку кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій, маюць важкі ўклад у папулярызацыю нацыянальнай літаратуры і з’яўляюцца цудоўнай магчымасцю для студэнтаў убачыць, якім чынам можна арганізаваць прэзентацыю кнігі і аўтара.

 

Матэрыял падрыхтавала аспірантка кафедры РВТ Святлана Хваленя.