Публічныя лекцыі з вядомымі навукоўцамі – ужывую і анлайн

19 студзеня 2022 г. Нацыянальная бібліятэка Беларусі распачынае цыкл сустрэч з вядомымі навукоўцамі “Крыніцы гістарычнай памяці”. Дадзеныя сустрэчы будуць адбывацца кожны тыдзень у адкрытым для публікі фармаце і на бясплатнай аснове. У межах праекта перад вучонымі, настаўнікамі, студэнтамі, вучнямі, краязнаўцамі і іншымі зацікаўленымі выступяць вядомыя ў нашай краіне вучоныя і практыкі, якія на працягу многіх гадоў займаліся пошукам і вывучэннем крыніц па айчыннай гісторыі.
 
Кожная сустрэча будзе прысвечана важнай старонцы нашай мінуўшчыны і раскрыта на прыкладзе гістарычных крыніц – летапісаў, рукапісных кніг, старадрукаў, даўніх карт, гравюр, падпольных і партызанскіх выданняў часоў вайны, твораў беларускай літаратуры і іншых крыніц, якія захоўваюць гістарычную памяць беларускага народа. Пасля лекцыі эксперта будзе магчымасць задаць яму пытанні, прыняць удзел у дыскусіі, атрымаць аўтограф на выданнях вядомых навукоўцаў.
 
У якасці першага эксперта 19 студзеня 2022 г. удзел у адкрыцці праграмы сустрэч з навукоўцамі прыме вядомы беларускі вучоны, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка. Перад публікай ён выступіць з лекцыяй “Беларуская літаратура эпохі Готыкі, Рэнесансу і Барока”. Пачатак мерапрыемства – а 15:00 у зале адукацыйных тэхналогій Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Мерапрыемства адкрытае.
 
Калі Вас цікавіць тэма сустрэчы, але няма магчымасці фізічна прысутнічаць на ёй, то Нацыянальная бібліятэка запрашае далучыцца да жывой трансляцыі. Яна будзе весціся ў рэальным часе і дазволіць не толькі назіраць за правядзеннем мерапрыемства, але і нароўні з прысутнымі фізічна задаваць пытанні да эксперта і прыняць удзел у дыскусіі. Трансляцыя будзе даступная без папярэдняй рэгістрацыі на платформе YouTube па адрасе https://youtu.be/1i4zRRbbwX8 
 
Наступная сустрэча адбудзецца 26 студзеня (серада) а 15:00. Госцем і экспертам выступіць знакаміты гісторык беларускіх летапісных крыніц, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі, які выступіць з лекцыяй “Беларускія летапісы і хронікі”. Адрас трансляцыі: https://youtu.be/U-gsK_5W7XA