Студэнты-выдаўцы на занятках у Акадэміі навук

Заняткі ў студэнтаў спецыяльнасці “Выдавецкая справа” факультэта ПіМ – гэта не толькі традыцыйныя лекцыі і практычныя заняткі ў аўдыторыі. Кафедра рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій актыўна практыкуе правядзеннe практыка-арыентаваных семінараў непасрэдна на прадпрыемствах і ва ўстановах – патэнцыйных заказчыкаў кадраў.

Так, 14 лістапада выдаўцы-трэцякурснікі ў рамках вывучэння дысцыпліны «Рэдагаванне даведачных выданняў» разам з лектарам Уладзімірам Іванавічам Куліковічам наведалі створаны ў 2021 г. пры Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Цэнтр энцыклапедычных выданняў».

Загадчыца галоўнай рэдакцыі цэнтра Сафія Пятроўна Самуэль распавяла пра гісторыю стварэння энцыклапедычных выданняў ў Беларусі, пра свой творчы шлях па падрыхтоўцы даведачнай літаратуры, які пачаўся ў далёкім 1967 годзе, пазнаёміла прысутных з асноўнымі напрамкамі дзейнасці Цэнтра. А гэта: 1) навукова-даследчая работа ў галіне вывучэння, стварэння, мультымедыйных online рэсурсаў; 2) падрыхтоўка энцыклапедычных выданняў; 3) папаўненне і развіццё інфармацыйнага рэсурсу belarusenc.by.

Затым супрацоўнікі Цэнтра прадэманстравалі папярэднія вынікі працы над электроннай энцыклапедыяй і запрасілі маладых людзей прыйсці на практыку і далучыцца да гэтай важнай і адказнай справы.